Z Białorusi po białorusku 2

Natalia Miziarska / Наталля Мізярска

Гісторыя храмаў Ушаччыны ў савецкія часы (1917 – 1991 гг.)

Артыкул прысвечаны гісторыі хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі Ўшацкага раёна ў савецкі перыяд. Упершыню разглядаюцца абрадавыя функцыі храма ў жыцці беларусаў Вушаччыны.

The article concerns the history of Christian temples at the Uschachi Territory in the Soviet Union’s period and is the first publication about the temple’s religious customs of the people’s life in Ushachi.

З прыходам да ўлады ў кастрычніку 1917 г. бальшавікоў і ўстанаўленнем савецкай улады на Беларусі, становішча ўсіх канфесій змянілася: пачалася доўгая, палітая крывёю многіх пакаленняў канфрантацыя дзяржавы і царквы. Такая палітыка была выклікана тым, што марксізм-ленінізм разглядаў барацьбу з рэлігіяй як адзін з напрамкаў класавай барацьбы пралетарыята з капіталам. Як пісаў К. Маркс: “Рэлігія ёсць опіум для народа”. Распрацоўваючы пытанні адносін бальшавікоў да рэлігіі ў рабоце “Сацыялізм і рэлігія”, Ленін падкрэсліваў неабходнасць жорсткіх адносін да рэлігійных вераванняў [13, с. 155-156].

Былы дамініканскій касцёл (пазней царква) ва Ушачах пасля
Другой Сусветнай
вайны

Па меркаванню М.І. Калініна рэлігію і яе сакрамэнтамі: хрышчэнне, вянчанне, адпяванне, павінны былі замяніць новыя абрады і традыцыі – савецкія святы, тэатры і тэатралізаваныя прадстаўленні [14, с. 6 ].

У сярэдзіне лістапада 1917 г. ва Ушачах Сход валрэўкома пастанавіў: безагаворачна прызнаць савецкую ўладу, актыўна падтрымаць усе мерапрыемствы ўрада. Было вырашана канфіскаваць маёмасць мясцовых памешчыкаў і царкоўныя землі на Ушаччыне. Адабранай зямлёй павінны былі надзяліць батракоў і малаземельных сялян Ушацкай воласці [15]. Супраць рэлігійных традыцый з’явіўся дэкрэт Савета Народных Камісараў ад 20 студзеня 1918 года “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы”. У студзені 1920 года дазвалялася для нованараджонага даваць любое імя, нават калі такога не было ў царкоўным календары. Па меркаванню камуністаў царква часта навязвала непрыстойныя імёны, якія нібы зневажалі чалавека: Авель, Зілота, Глікія [14, с.31].

Касцёл Святой Веранікі ў вёсцы Селішчы пасля вайны

Архіўныя дадзеныя сведчаць аб тым, што на Ушаччыне ў школах праводзілася выхаваўчая праца з антырэлігійнай накіраванасцю: “Антырэлігійныя вераванні праводзіліся з праграмным матэрыялам. Вучні ўдзельнічалі ў правадзімых мерапраемствах аб шкоднасці каляд і вялікадня. Заняткі ў школе праводзіліся ў царкоўныя дні” [ 2, ф.150, оп.1, д.25].

У 1919 – 1922 гг. у каталіцкай парафіі на Ушаччыне працаваў ксёндз Язэп Барадзюля, які быў абвінавінавачаны савецкімі ўладамі ў шпіянажы і высланы ў Сібір на 25 год. Пасля смерці Сталіна, ксёндз Я. Барадзюля ў 1954 г. быў вызвалены і атрымаў парафію ў Літве.

Царква Святой Параскевы Пятніцы ў Арэхаўна. Фундатар Мікалай Юзаф Грабніцкі.
Выгляд у сучасны час

Пік антырэлігійнасці на Ушаччыне прыпаў на 1929 – 1939 гг. Савецкая ўлада не толькі садзейнічыла распаўсюджванню атэізму сярод дарослых і моладзі, але і вынішчэнню сакральных аб’ектаў. Пасля 1930 г. была часткова разабрана праваслаўная царква (былы дамініканскі касцёл) ва Ушачах, які знаходзіўся на вуліцы Кастрычніцкай. Першы паверх царквы, аднак, ацалеў, на якім пазней пабудавалі Дом культуры, дзе збіраліся партыйныя актывісты [16, с. 470-471].

Пра лёс Кубліцкай царквы, якая некалі была ўніяцкай, успамінаў Васіль Быкаў: “ У 30-я гады з царквы садралі крыжы з царкоўных купалоў, але бурыць царкву пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расьцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянеры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. І мы піянеры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пергамэнтаў папяровых зьмеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбіцейкі, у якіх шмат год хадзілі нашы хлопцы” [ 1, с.19-20].

Выгляд касцёла ва Ушачах у сучасны час

У 1942-1948 гг. пад час бамбардзіроўкі немцамі Кубліч храм быў разбураны і ў такім стане заставаўся да канца вайны. У 1948 г. жыхары вёскі разабралі рэшткі касцёла на цэглу. Сёння можна ўбачыць толькі фрагменты фундамента [16, с. 490].

У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты на беларускіх землях распрацавалі сваю палітыку ў адносінах да канфесій, якая прадугледжвала адраджэнне царквы ў жыцці насельніцтва. З гэтай мэтай забаранялася працаваць у нядзелю. Парушальнікі дадзенага загаду падвяргаліся штрафам і нават расстрэльваліся. Насельніцтва акупіраваных трыторый павінна было адзначаць рэлігійныя святы па старым стылі, у кожным доме мець іконы, насіць крыжы на шыі, хрысціцца перад і пасля ежы. Усе ранейшыя грамадзянскія акты (рэгістрацыя дзяцей, вянчанні, пахаванні) лічыліся несапраўднымі. З архіву Вермахта, вядома што ва Ушачах у гады Вялікай Айчыннай вайны немецкія захопнікі хавалі сваіх салдат ля сцен касцёла, які працаваў у той час [11].

Царква Стрэчання Гасподняга ў Мосары ў сучасны час (таксама два малюнка ніжэй)

Нямецкія акупанты не перашкаджалі адкрыццю храмаў, асабліва праваслаўных, якія былі зачынены ў перадваенныя гады. Абавязковай умовай рэлігійнага жыцця з’яўлялася беларуская мова. Часам фашысцкія захопнікі не толькі дазвалялі адкрываць храмы, але і спальвалі іх, як толькі даведваліся аб сувязях вернікаў прыхода з партызанамі [13, с. 216-219].

Касцёл Найсвяцейшай Марыі ў Селішчах вядомы з апісанняў Я. Фібека з 1913г.: “Касцёл узносіўся над возерам, пры ім быў збудаваны двухпавярховы кляштар. Касцёл меў 5 метраў у вышыню. Над галоўным алтаром вісеў абраз Божай Маці, які быў перавезены з Кубліч. Ён быў пакрыты срэбрам. Захрыстыя ў касцёле была вельмі багатай, бо тут было сабрана шмат рэчаў з суседніх храмаў: арнаты, упрыгожаныя срэбрам і золатам, пашытыя са слуцкіх паясоў” [17, с. 411-412]. Касцёл у Селішчах быў зруйнаваны ў перыяд з 1944 па 1989 гг. [16, с. 494].

Пасляваенныыя гады заставаліся складанымі ў жыцці канфесій. Вайна нанесла храмам вялікія матэрыяльныя страты: некаторыя храмы былі цалкам разбураны, многія моцна пашкоджаны. Зноў пачалося згортванне рэлігійнага жыцця, якое адрадзілася ва ўсіх рэгіёнах у ваенны час. Большай лаяльнасцю вызначаліся адносіны партыйна – дзяржаўных структур да праваслаўнай царквы, чаму садзейнічыла пашырэнне кантактаў І. Сталіна і яго акружэння с Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Алексіем І [13, с. 234-235].

На Ушаччыне ў паслеваенныя гады атэізм адраджаўся хуткімі тэмпамі. Асабліва вострай была барацьба супраць каталіцкага касцёла і яго ўплыву на насельніцтва. Праваслаўная царква некаторы час працавала, але таксама была знішчана: ушачане разабралі яе для сваіх патрэб у гаспадарцы [16, с. 495].

Сярэдзіна 50-х і пачатак 60-х гг. азнаменаваліся паступовым разгортваннем чарговага рэлігійнага ўціску. Калі раней, у 20-30-я гг. царква разглядалася як “Класавы вораг” і барацьба з ёй з’яўлялася чаткай барацьбы за сацыялізм, то ў 50-я гг. на змену прыйшло бачанне рэлігіі як рэакцыйнай, “ідэалагічна чужой” сацыялізму з’яве. Рэлігія разглядалася ў якасці галоўнага ворага навуковага светапогляду, а вернікі залічваліся ў разрад свядомых ці несвядомых носьбітаў чужых поглядаў і нораваў. У дзяржаве была абвешчана ідэя камуністычнага будаўніцтва, дзе не было месца для рэлігіі [13, с. 264].

Успамінае інфармант з вёскі Мосар Ушацкага раёна: “ Мой бацька летаў у адным самалёце з Берагавым, быў яго механікам, а як вернуўся с вайны, стаў прадседацелем калхоза. На то время я помню баба наша Аляксандрына перасялілась к нам з Чарсвяд, перевезла і старынныя іконы свае. Ну бацька мой как камуніст і значыт председацель, тапаром іх пабіў, пакрышыў. А что было делать, нада было прімер падаваць астальным гражданам” [8].

Тых людзей, якія ў савецкія часы руйнавалі храмы, напаткаў несшчаслівы лёс. Успамінае жыхарка з вёскі Пліна Ушацкага раёна Леановіч А.А.: “Гаварылі, з тых, хто разбураў святыні, вырывалі крыжы, палілі абразы, ніхто не памёр сваёй смерцю. Здараліся розныя страшныя выпадкі, напрыклад, старшыню калгаса, які прымаў удзел у ліквідацыі храмаў, задавіла машына. Стаяў у двары, а машына сама пакацілася, прыціснула яго да сцяны і ён памёр” [6].

Па словах інфарманткі, некаторых людзей, якія руйнавалі Ушацкі касцёл, таксама напаткала бяда: “С рассказаў старэйшых ізвестна, что адзін чалавек зрываў у нас бляшаную крышу з касцёла, бо яна была з жэсці і рабіў вёдры дома патом. З ім здарылася бяда, і ён памёр” [4].

У 1967 г. у дакладзе “50 гадоў вялікіх перамог сацыялізму” было заяўлена, што ў СССР пабудавана “развітое сацыялістычнае грамадства”, якому ўласцівы непарушная ідэйна-палітычная згуртаванасць працоўных, іх самаахвярная адднасць ідэалам партыі, вернасць прынцыпам марксізма-ленінізма, высокая ступень сталасці ўсіх грамадскіх адносін. У такім грамадстве для рэлігіі не было месца. Існаваў неабгрунтаваны тэзіс “аб крызісе рэлігіі”. Таму працягвалася палітыка закрыцця цэркваў, зняцця з рэгістрацыі праваслаўных абшчын. На ахове дзяржавы стаяла і заканадаўства, якое ўсё больш абмяжоўвала магчымасці вернікаў весці актыўнае рэлігійнае жыццё. Быў прыняты ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб рэлігійных культах”, прыняты 1 красавіка 1966 г. Гэты ўказ прадугледжваў за правядзенне рлігійных сходаў і іншых цырымоній штраф у памеры 50 рублёў. Для ўтаймавання найбольш актыўных вернікаў штрафныя санкцыі лічыліся недастатковымі, таму адначасова быў прыняты ўказ Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР “Аб унясенні дапаўненняў у артыкул № 139 Крымінальнага кодэкса”, які прадугледжваў пакаранне пазбаўленнем волі тэрмінам да трох гадоў асоб, “якія раней судзіліся за парушэнне законаў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы, а таксама арганізацыўную дзейнасць, накіраваную на ўчыненне гэтых дзеянняў” [13, с. 293-294].

Важным кірункам аховы насельніцтва, у першую чаргу моладзі ад рэлігійных уплываў з’яўлялася ўкараненне новай сацыялістычнай абраднасці. Была прынята пастанова “Аб рабоце савецкіх органаў па ўкараненні грамадскіх абрадаў”, згодна з якой пры гарадскіх, раённых, сельскіх і пасялковых Саветах пачалі дзейнічаць грамадскія камісіі па абрадах. Асноўную ўвагу яны ўдзялялі правядзенню ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнняў. З’явіліся камсамольскія вяселлі і хрышчэнні. У такіх мерапрыемствах прынімалі ўдзел мясцовыя савецкія органы, партыйныя, камсамольскія арганізацыі [ 13, с. 295].

Успамінае жыхарка Ушаччыны Каплеўская Марыя Сяргееўна: “ Я приехала работать сюда в 1958г., в Дольцах, Ушачах, Глыбочанах, где я работала церковь не работала. Работала в Лепеле і Полоцке церковь. Тогда за учителями назначались деревни, и они были ответственные, агитаторы. И если у тебя что случилось: перекрестил кто и ты не знаешь, могли тогда тебя с работы снять, так как ты за это всё отвечаешь. Некаторые верующие тайно крестили детей. Вот, родился у меня сын Серёжа, ну значит по традиции как тогда делали: собрали всех родственников, была крёстная мать, хотя никого не крестили. Надо было садить кого-нибудь за крёстную матку и батьку. Приходили представители партийные из сельсовета посвящали новорожденного красным налстуком пионерским. Дарили такой наборчик: портретик Ленина, галстук и звёздочка октябрятская” [12].

Некаторыя ушачане, па словах інфарматкі Каваленка А.Б., якія займалі пасады і працавалі настаўнікамі, аднак імкнуліся патаемна ахрысціць сваіх дзяцей: « Я крестила своих детей в начале 1980-х тайно. Поздней ночью я и ещё несколько моих коллег-учителей собрались и повезли в Прозороки в церковь детей крестить. Батюшку попросили в церковную книгу не записывать, а детям строго-настрого запретили рассказывать в школе о том, что с ними было. Очень рисковали и боялись, так как могли нас выгнать с работы» [ 9].

Па словах інфарманткі Клімавай І.С. вядома, што: “Моя мама рассказывала, что был такой момент, что вывешивали списки в сельсоветах и потом начинали людей гнобить. И потом если у тебя у власти знакомых нету, то могли и уволить с работы. Мама наша боялась крестить, сами покрестились, когда уже можно было” [5].

Непажадана было насельніцтву Ушаччыны таксама мець абразы ў сваёй хаце, што вядома са слоў інфарманткі Відзевіч В.П.: “Калі брат уступіў у партыю камуністычную, то ён загадаў маці зняць са сцяны лепшага пакою абраз старажытны. Мама вельмі растроілася, але ж прыхадзілі да нас братавыя калегі-настаўнікі, партыйцы. Святы царкоўныя мы святкавалі патаемна ў сваёй хаце без брата, але можа, першай прычынай аднак была не вера ў Бога, а таму што на стол ставіліся дэлекатэсы розныя. Бо кожны дзень есці дэлікатэсы ў 1970-я гады ніхто не мог сабе дазволіць з прычыны дэфіцыту” [3].

Камуністычная ідэалогія налажыла свой моцны адбітак на падрастаючае пакаленне савецкіх школьнікаў. Успамінае Каваленка Н.А. свае школьныя гады: “Когда я училась в шестом классе несколько отличников и хорошистов из нашего класса первыми посвятили в пионеры. После торжества, которое проходило в нашем музее, я пришла домой сняла пионерский галстук и значок и положила в секцию за стекло на самое почётное место. Когда бабушка это увидела, то гневу её не было предела, она Ленина идолом назвала и убийцей, рассадником зла. Я не понимала тогда её гнева, так как нам в школе по-другому говорили всё. А моя одноклассница даже повязывала галстук на ночную сорочку ” [10].

У заходняй частцы Віцебшчыны веруючыя людзі аднак насуперак партыйным уладам наведвалі храмы, аб чым вядома з успамінаў жыхаркі з вёскі Опса Браслаўскага раёна: “Касцёлы грамілі яшчэ раней, чым я нарадзілася. Мая мама казала, што калі руйнавалі Браслаўскі касцёл, то камуністы спачатку маліліся: сталі на калені, перажагналіся, прачыталі літанне і ружанец, а ўжо потым руйнавалі. На мой час касцёлы ператварылі ў склады, дзе сядзелі галубкі, паўсюдна загадзіўшыя храм. Уціск вернікаў прыйшоўся на 1980-е гады. Мае матка і бацька заўсёды выклікаліся ў школу на бацькоўскія сходы, бо я старалася наведваць касцёл. Наш класны кіраўнік пастаянна казала, што ў яе ёсць чорны сшытак, і папярэджавала нас, хто пойдзе да касцёла на Вельканац, будзе запісаны ў гэты сшытак. Але ўлічваючы, што такіх як я было з класа чалавек дванаццаць, а гэта была ўжо большасць, то напужаць нас было цяжка. Кожны раз, пасля наведвання касцёла, маіх бацькоў выклікалі у школу, ругалі і папярэджвалі. А потым у 1989 г., калі я заканчвала школу, ужо была трошкі такая адліга, але аднак усе мяне пужалі, што я не закончу школу. На сёняшні розум, я не магу зразумець, як гэта не закончыць школу? Напэўна былі іншыя ўстановы, якія патрабавалі каб вучань выпускаўся з адзнакай са школы, а рэлігійная самасвядомасць у дакуменце ж не была ўказана ў базавай, ці сярэдняй адукацыі? Мы баяліся, хваляваліся, што так будзе, але ж так былі выхаваны, што сядалі ў нядзелю ў аўтобус і ехалі ў Браслаў да касцёла” [7].

З прыходам да ўлады ў СССР М.С. Гарбачова ў 1985 г. паступова змяніліся адносіны дзяржавы да рэлігіі. Аб гэтым сведчыць вынікі работы Усесаюзнай партыйнай ХІХ канферэнцыі ў 1988 г. і святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русі. У БССР, як і ў цэлым па краіне, упершыню за гады савецкай улады юбілей прайшоў без ідэалагічнага ўціску. Актывізацыяй рэлігійнага жыцця спрыялі і абвяшчэнне палітычнай і эканамічнай незалежнасці новай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь [13, с. 315-317].

Рэлігійнае жыццё ва Ушацкім раёне пачынае адраджацца з 1989-х гадоў: будуецца праваслаўная царква святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры; праваслаўная царква ў Арэхаўна Параскевы Пятніцы; аднаўляецца рымска-каталіцкі касцёл Святога Лаўрэна. Кожнаму грамадзяніну нашай краіны прадстаўлена права спавядаць любую рэлігію і наведваць храм.

Спіс літаратуры:

  1. Быкаў, В. Доўгая дарога дадому. Кніга ўспамінаў. – Прадмова аўтара; Мастак А. Бохан. – Мн.: ГА БТ “Кніга”, 2004. – 544 с.

  2. Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку. Фонд. 150. «Матэрыялы аб рабоце Мосарскай школы». Вопісь 1, справа 25.

  3. Запісана Мізярска Н.А. у 2017 г. ад Відзевіч Валянціны Пятроўны, 1952 г.н. у г.п. Ушачы

  4. Запісана Мізярска Н.А. у 2017 г. ад Ісаковіч Валянціны Эдуардаўны, 1947 г.н. у в. Усвея Ушацкага раёна.

  5. Запісана Мізярска Н.А. у 2018 г. ад Клімавай Інэсы Сяргеяўны, 1969 г.н. у в. Шніткі Сарочанскі с/с

  6. Запісана Мізярска Н.А. у 2017 г. ад Леановіч Алены Антонаўны, 1953 г.н. у в. Пліна Ушацкага р-на.

  7. Запісана Мізярска Н.А. у 2017 г. ад Любачка Марыі Казіміраўны, 1972 г.н. у г.п. Бешанковічы.

  8. Запісана Мізярска Н.А. у 2017 г. ад Каваленка Аляксандра Фѐдаравіча, 1949 г.н. у г.п. Белае Ушацкага р-на

  9. Запісана Мізярска Н.А. у 2018 г. ад Каваленка Алены Баляславаўны, 1950 г.н. у г.п. Ушачы

  10. Запісана Мізярска Н.А. у 2018 г. ад Каваленка Наталлі Аляксандраўны, 1976 г.н. у г.п. Ушачы

  11. Кавалеўская, К. “Рэха вайны пад сценамі касцёла” / К. Кавалеўская // Ушацкая раѐнная газета Патрыѐт – 2018 г. – № 9 (9726) – С.3

  12. Запісана Мізярска Н.А. у 2018 г. ад Каплеўскай Марыі Сяргеяўны, 1934 г.н. у г.п. Ушачы

  13. Канфесіі на Беларусі (к. XVIIIXX ст.) / В.В. Грыгор’ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі, А.М. Філатава; Навук. Рэд. У.І. Навіцкі. – Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 1998 г. – 340 с.

  14. Мелешко А.А. Современные гражданские обряды и традиции. – Мн.: Полымя, 1985. – 143 с.

  15. Міхайлаў, А. Наш родны кут. Да 50-годдзя савецкай улады / М. Міхайлаў // Ушацкая раѐнная газета ―Патрыѐт‖. – 1967г. – № 16 – С.

  16. Fibek, J. Dzieje parafii i klasztorów katolickich na Białorusi. Tom 1 Wschodnia część Diecezji Witebskiej. Łomża : Zakon Braci Mniejszych Kapucynów, Prowincja Warszawska, 2016 r– 692 s.

17. Zyskar, J. Nasze koscoly/ T.1 Archidjecezja Mohylowska – Warszawa. Petersburg 1913 r. – 443 s.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Change )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Change )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.